рецензия

PORT MONE

PORT MONE
promo cd
2007, DIY

Трэкліст:
1. forel
2. tunec
3. морская
4. som
5. поликарп

Удзельнікі запісу:
Басс - Ляксей Ванчук (ROSARY)
Джамбе – Сяргей Краўчанка (PAPARIS, ВИРУС ЛИХА)
Акардэон – Ляксей Варсоба (PAPARIS, VORSOBA)

Музыка: PORT MONE
Гуказапіс: А. Жукаў, студыя “Селах” напрыканцы 2006 году.
Вокладка: Ганна Коўшар

Напачатку 2007 году з’явілася ў сьвет дэма-кружэлка інструментальнага трыё PORT MONE, які грае acoustic-lounge. Доўгі час жадаў, але ніяк не атрымлівалася напісаць пра гэтую кружэлку. А не атрымлівалася, таму што, бывала, сяду слухаць ды аналізаваць гэтую дэмку, а ачуюся ўжо ў цішы, калі музыка ўжо адыграе. Я, нахмурыўшы бровы, ізноўку ўключаю кружэлку і сядаю слухаць, сур’ёзна наладзіўшыся на крытычны аналіз. Я схопліваю ўступ, назіраю за разьвіцьцём тэмы, прыслухоўваюсь да джамбэ і … зноўку быццам нешта падхоплівае ды ўносіць маю засяроджанасьць невядома куды. Непадуласная майму розуму музыка зачароўвае і не даецца пад цьвярозы ды стрыманы досьлед. Яна, як пайманая рыба, б’ецца ў руках, імкне высклізнуць і імгненна зьнікнуць у глыбінах падсьвядомасьці з вачэй далоў. Прыходжу ў сябе ізноўку ў поўнай цішы. Некаторы час думка шчэ пагойдваецца ў такт зыйшоўшай музычнай хвалі, але гэта адбываецца ў чыстай пустэчы, па інэрцыі.
Музыка гурта – гэта як стужкі Дж.Джармуша, дзе дыялогі ці то вельмі іншасказальныя, ці то ўвогуле адсутнічаюць. Ды дзей на экране быццам аніякіх асабліва не адбываецца. Але, ў той жа час, схаваныя за экранам душэўныя перажываньні, ужо падхопленыя падводнымі плынямі рэжысёрскай задумкі, уносяцца магутнай хваляй бязьмежнага мора выпадковасьцяў, з якіх складаецца перадвызначанасьць лёсу. Гэтак жа даверліва і зь цікавасьцю ідзеш за ніцьцю расповеду трэкаў кружэлкі. Ідзеш, разумеючы мноства адценьняў староньне-сузіральнай філязофіі гармоніі, векавечнай гармоніі, непараўнальна доўгай са жыцьцем чалавечым, і непараўнальна больш сталай! На гладзі якой уся фантасмагорыя гісторыі чалавека, яго думак і здагадак, яго тэорый і гіпотэз, яго дзей як то ўсьвядомленых так і несьвядомых – адно толькі адлюстраваньне яго тленнасьці. Ці то нейкае земнаводнае выйшла з вады, ці то Венера адтуль з’явілася, ці то чалавек-амфібія туды зайшоў, ці то прайшоў па паверхні нехта - уся гэтая мітусьная чалавечая не важней за пырскі хваляў, што высахнуць праз некалькі хвілінаў.
Музыка кружэлкі - быццам мора, якое ніц не кажа, а толькі адным сваім існаваньнем моцна ўражвае ўсіх хто бачыў ды адчуваў яго. Музыка падобна да рыб, якія ўвесь час моўчкі назіраюць за навакольлем … “А мо’ яны ня жадаюць размаўляць!?” – у той жа момант выразна гледзячы мне ў вочы, моўчкі мовіць Ляксей Варсоба. “Гэта стэрэатып такі склаўся, звычка размаўляць калі трэ’ і калі ня трэ’. Мы нават на сваіх канцэртах імкнемся як мага меней слоў прамаўляць. Гэтакі ж шаблон існуе і адносна музычнай формы. Зусім неабавязкова музыка павінна суправаджацца нейкімі словамі ды мець нейкую выразна акрэсьленую мэлёдыю. Нашая музыка выяўляе сваю настраёвую сутнасьць праз існаваньне ў інтанацыях, выразных інтэрвалах, рытміцы ды гармоніях. І такім чынам, кожны сродак музычнага выразу нясе музычную інфармацыю ў спалучэньні з галоўнай мэлядычнай ідэяй.”
Музыкі PORT MONE не наварочваюць складаных мільярднотных сола, не ламаюць рытм мудрагелістымі сінкопамі, а нетаропка граюць тыя самыя некалькі нотаў, якія вымушаюць слухаць не адрываючысь, і вымушаюць потым нудзіцца па той музыцы. Гэта папросту драг нейкі! Бас, які ў трэку “forel” непрыкметна ахінае ды нешта бубніць і булькоча, то зьнікне ў агульнай бездані, а то і чыстагалосна ды звонка падпявае, як у трэку “tunec“. Атмасфэрны, пераплываючы па ўсёй прасторы акардэон, нібы пырхае зграйкай машкарэчы. Джамбэ - то моцны, усхваляваны, а то, зьнянацку, спужана сасклізвае ў пяткі. Часам ён гучыць нібы шапаценьне хваляў, а часам - нібы храбусьценьне ідучых па аточках ног.
Асабліва зачароўвае трэк “поликарп“, дзе маленькі, але вельмі прыгожы басовы рыф ператварыўся ў выдатную кампазыцыю. Вось яна пырхнула, пакружыла, узбурыла і схавалась. Ускружыла галаву, вымусіла абвірнуцца ды зьнікла. Не даўшы зразумець хто, што, дзе, калі тое было, ці то сон, ці ўспамін …
Музыка гучыць размытымі хвалямі, нібы жывучая сама па сабе, не выклікаючы асацыяцый з пэўнымі інструмэнтамі. Яна падаецца не прыдуманай чалавекам і не прайграванай музыкамі, а прыходнай звонку.

… я пакорліва стаўлю кружэлку ў плэер іііііі …

CЛЭП

обсудить на форуме

© 2007 Музыкальная газета