репортаж


“АЎСЯНКА, СЭР!”

28 верасня ў клюбе «ГРАФФИТИ» адбыўся brit-rock канцэрт пад назвай «FROM BRITAIN WITH LOVE». У ім бралі ўдзел гурты OPEN SPACE , MILQUE TWINS , HAIR PEACE SALON і JITTERS.
Цікавасць да канцэрта была вялікай як з боку слухачоў, так і з боку журналістаў. У пачатку дзейства, у грымёрцы, у каго небудзь пастаянна бралі інтэрв'ю, а на вуліцы стаялі засмучаныя дзеўчыны, якім ня хапіла квіткоў. Квіткі скончыліся дня за 4 да дня канцэрту, ці таму што клюб маленькі, ці гэта можна расцэньваць як вялікую цікавасць да гуртоў. Ажыятаж падагравалі і чуткі аб тым, што гэта будзе апошні канцэрт гурта JITTERS. Але дакладна вядома – гэты, сапраўды ня апошні!
На першае арганізатары прапанавалі аўсянку, якую ніхто ня любіць з дзяцінства. Ня салодкая і ня салёная жыжка, сцякаючая з лыжкі цягучымі ніткамі, якая спрэс адбівае жаданне цікавіцца чымсці брытанскім – гэта гурт OPEN SPACE.
Гурт нармалёва гучаў у пляне сыгранасці, але нашчэнт ня цікава ў пляне музычным. Усе кампазіцыйныя хады былі лёгка пазнавальнымі і лёгка прадказальнымі. У музыцы адчувалася занадта моцная перадазоўка COLDPLAY. З той толькі розніцай, што ў OPEN SPACE усё прасцей, прымітыўней, ня так прыгожа і ня чапляе. Перанятай выявілася толькі музычная форма, але без напаўнення сваімі асабістымі ідэямі ды пачуццямі. Кавер таго ж COLDPLAY толькі пагоршыў становішча. Вакал ня выходзіў на праніклівасць да слухача. Да таго ж у гурта было значна больш жадання паказаць сябе, а не сваю музыку, ды ёй штосці мовіць людзям. Прамовы паміж песнямі забівалі сваёй школьнай пафаснасцю, гучалі яны як на занятках, з некаторай пагардай да настаўніка. Жадалася б ад хлопцаў больш шчырасці і майстэрства, ды паменш пантоў. Слухаць OPEN SPACE можна было толькі таму, што гралі яны першымі.
На другое - густая аўсянка, граматна прасоленая ў лепшых традыцыях indi-rock. Запраўленая сырымі мідыямі ды цытраваным сокам – гэта MILQUE TWINS.
Музычнае мысленне, гукавая афарбоўка, знешні выгляд – у хлопцаў да ўсяго індывідуальны падыход! Гэта моцная заяўка на brit-стылёвасць. Знешні выгляд – гэта важны складнік падачы гурта. У хлопцаў атрымалася стварыць гарманічны цэласны вобраз. Сапраўдныя брытанцы, цалкам халодныя, імглістыя, бязрадасна меланхалічныя. Вакаліст нагадваў мне герояў стужкі “Ілюзіяніст”. Адным словам, адпаведныя тэме канцэрту атмасфера і настрой атрымаліся. Гэтым запамятаваўся ды выгодна адрозніваўся іх выступ ад выступаў усіх іншых гуртоў, што гралі ў той вечар.
Музыка гурта з ухілам у псіхадэлію ды цьмяную падсвядомасць, з цікавымі кампазіцыйнымі вынаходкамі, ды з прэтэнзіяй на сур’ёзнае мастацтва. MILQUE TWINS – прыклад асэнсаванага падыходу да афарбоўкі гучання. Ніякіх усмешкаў, ніякага какецтва. Пад час іх выступу прыйшлося звярнуць увагу на акустыку памяшкання і на працу іх гукааператара. У цэлым усё гучала больш-меней ніштавата, але часам самыя смачныя моманты песень губляліся, на жаль, ня паказваючы асаблівасці гучання інструментаў, ці наадварот, перабіваючы тэму рэзкім гідкім гукам. Таму склалася ўражанне, што гралі MILQUE TWINS неяк няўпэўнена. Вакал нібы на хадзе намацваў свае партыі. Хацелася б гэтую няўпэўненасць спісаць на адсутнасць комбікаў. Пацешыў выдатна выкананы кавер RADIOHEAD. Хлопцы ўразілі валоданнем матэрыялу, ды дасканаласцю перадачы настрою арыгіналу.
Нельга ня адзначыць каларытную асобу басіста, адзінага музыкі, якому ў той вечар дзеўчыны дарылі кветкі. Хай толькі адна дзеўчына, ды толькі адну кветку, але ж гэта было неспадзявана і прыгожа.
На трэццяе была печаная аўсянка з сырам, а па баку талеркі насыпаныя ягады дурніцы – HAIR PEACE SALON.
Хлопцы сходу закруцілі вірухай рытму, ды ўскаламуцілі яркімі сола змрочную імглу, наведзеную MILQUE TWINS. Былі выкананы некалькі абноўленых старых кампазіцый, а так сама некалькі цалкам новых, сярод якіх быў адзін стоадсоткавы гіт! Дастаткова просты, параўнальна з іншым матэрыялам гурту, але неверагодна гожы. Я мяркую, што яго можна параўнаць з гітамі КРАМЫ, якая віртуозна валодае сакрэтам мелядызму ды гітаробства. Натуральна, песні гэтых гуртоў у розных стылях (КРАМА грае класічны рок у блюзавым ключы, а HPS граюць гэтакі intelligence-post-grunge у брытанскім ключы), але падобна на тое, што хлопцы раскусілі сакрэт КРАМЫ і зараз ведаюць як рабіць музыку простую і адначасова прывабную. Было відавочна, што хлопцы самі чмурэюць ад уласных песень, ды граюць іх з непрыхаванай асалодай. Калі ня лічыць таго, што яны дзве песні пачыналі граць па два разы, то гралі яны майстэрскі. Так гайдаць!
Склалася ўражанне, што гэтай музыцы ўжо цесна ў маленькім клюбным памяшканні. Па напалу эмоцый, якасці матэрыялу ды яго выканання, было відавочна, што хлопцам ужо час выходзіць на вялікія пляцоўкі да вялікай аўдыторыі. Перад канцэртам, нібы пачуўшы тэндэнцыі, прымчаўся “Першы Музычны” на чале з Кацяй Пытлевай, ды ўпрасіў хлопцаў на інтэрв’ю. Яны канешне ня надта моцна супрацівіліся. )))
Адыграўшы свой час, пакінуўшы слухачоў ускаламучанымі, HAIR PEACE SALON наабяцалі “смажаніны” ад JITTERS, ды збеглі, пад нясуцішныя апладысменты і настойлівыя патрабаванні зайграць яшчэ, яшчэ ды яшчэ!
На дэсерт давалі аўсянку з курагой і водарам карыцы, а пасярэдзіне бліскацеў алей, які ўжо трохі растаў ад жару – гэта былі JITTERS.
Трэба сказаць, што большая частка народу ішла слухаць менавіта іх. Ды к моманту іх выступу публіка ўжо была добра разагрэтая, вось бяры яе, ды перагортвай з боку на бок, а яна толькі і будзе буркаваць ад задавальнення. Але пасля вельмі сур’ёзнага выступу HAIR PEACE SALON, трэба было зрабіць штосці яшчэ больш выдатнае. Ну а JITTERS апынуліся сур’ёзней самых сур’ёзных HAIR PEACE SALON. Ведая акустыку і асаблівасці памяшкання клюбу, яны падрыхтавалі спецыяльную праграму дзеля гэтага канцэрту. Яны перарабілі свае песні ў акустычны варыянт, зрушыўшы акцэнты іх успрымання. Песні загучалі зусім па новаму. Акрамя таго, гэты канцэрт з імі адыграў новы бубнач, вядомы па працам у гуртах ROSARY, ПОРТ МОНЭ, БЕЗ БИЛЕТА. Ён і раней супрацоўнічаў з JITTERS і прымаў удзел у запісу кружэлкі «PICK ME UP», што ўбачыла свет у гэтым годзе. Трэба сказаць што хлопец проста чараўнік, так лёгка і вольна ён граў.
JITTERS узялі слухача галаруч, ня выкарыстоўваючы аніякіх прымочак, ня запальваючы звыклым гітарным драйвам. Спачатку выступу яны гучалі зусім нязвыкла, у здзіўленні, я амаль разгубіўся ў той іх ідэе з акустыкай. Чакаючы па звычцы ўступу прымочанай гітары, я заставаўся ў драйвовым галаданні. Але іх музыка апынулася больш шматграннай, на гэтым канцэрце яны звярнуліся да слухача шчырасцю вакала, лірычнасцю, ды самазабыццёвым выкананнем. Усё тое, што раней хавалася за завадным “гайдам”, зараз распусцілася з усёй уласцівай ёй абаяльнасцю ды харызмай. Апынулася, што парні могуць быць і такімі задушэўнымі і кампанейскімі. Новы варыянт іх праграмы як нельга лепей падышоў да цесна-збліжаючай атмасферы клюба.
Напрыканцы, адыграўшы кавер OASIS, падарваўшы клюб апладысментамі, ды прымусіўшы слухачоў крычаць, свістаць, ды жадаць іх яшчэ – хлопцы сціпла развіталіся. Каля выхаду з клюбу ўсе жадаючыя маглі займець кружэлку «PICK ME UP».
Вось адзінае што засмучвала пад час канцэрту – гэта афіцыянтка, якая бегала паміж граючымі музыкамі. Ня разумею людзей, які прыйшлі каб паслухаць свае любімыя гурты, ды пастаянна рабілі заказы. Няўжо іх прыкалвала глядзець, як афіцыянтка ціскаецца паміж граючымі музыкамі!? Гэта была проста элементарная няпавага да гуртоў, дзеля якіх яны, уласна, і прыйшлі ў клюб. Людзі проста псавалі сабе, ды іншым слухачам кайф, думаю і музыкам так сама. Добра яшчэ што піва ня прадавалі, бо пэўна быў бы зусім гамон.
Ну а ў цэлым добрая ідэя добра здзейснілася! Былі вытрыманы заяўленыя стылёвыя рамкі, ды чарговасць выступу гуртоў ня выклікала жадання выйсці папаліць. Гук быў у прынцыпу нармалёвы. Мне падаецца, што сэйшн атрымаўся ўдалы.

Слэп

обсуждение статьи

© 2005 музыкальная газета